Эсэ “Я – настаўнік, і гэта годна…”
Я кожны ранак радасна вітаю,
Дару ўсмешку дзецям і сабе.
Жыцця запал я з нараджэння маю,
І з ім я смела крочу па зямлі.
А хіба можна без запалу
На гэтым белым свеце жыць?
Сваім бяздушшам і бязмар’ем
Усё можна побач пагасіць.
Тварыць! У гэтым сэнс быцця.
Душой гарэць, не спаць начамі,
Не знаць пакоя, забыцця,
Чарпаць энергію ключамі.
Мне здаецца, калі не навучыцца захапляцца, тварыць, то дзецям з такім педагогам будзе зусім нецікава. А я - чалавек цікаўны. Я твару ўсё: сваё жыццё, прыгажосць вакол сябе, і развіваю ў дзяцей здольнасць тварыць.
Напэўна таму, не магу я стаяць на месцы, не магу жыць спакойна, мне заўжды чагосьці не хапае, мне ўвесь час штосьці трэба. Мне хочацца бачыць нябачнае, чуць нячутнае, заўважаць не толькі зямлю пад нагамі, але і далеч неба, кідаць погляд у іншыя вымярэнні, адчуваць усеабдымнасць, узаемную спалучанасць усяго існага.
Колькі памятаю сябе, заўжды марыла стаць настаўнікам. Настаўнікам… Але ніколі ў дзяцінстве не прадстаўляла сябе настаўнікам абслуговай працы. А цяпер я не прадстаўляю сябе без абслуговай працы. Менавіта гэты прадмет узвышае маю душу, робіць жыццё асэнсаваным, насычаным, паўнакроўным.
На маю думку, усе вучні - зоркі, блізкія і далёкія, маленькія і вялікія, але аднолькава прыгожыя. Кожная зорачка выбірае свой шлях палёту. Галоўнае – хацець ззяць. А місія настаўніка заключаецца ў тым, каб не прайсці міма вучня, а заўважыць нават маленечкую іскрынку дапытлівасці, творчасці, пазнання і не даць ёй пагаснуць.
Я ўдзячна лёсу за тое, што многа розных роляў у жыцці мне прыходзілася і прыходзіцца выконваць. Не магу забыць гады, калі была педагогам-арганізатарам. 10 гадоў.. Не многа і не мала. Мне зусім не сорамна казаць пра гэта зараз. Мне ёсць чым ганарыцца. Мае вучні дасягнулі нямала перамог у разнастайных конкурсах, мая дзейнасць таксама адзначалася штогод. Я і зараз засталася верная дзяцінству і піянерыі. Таму ні адно з выхаваўчых мерапрыемстваў нашай школы не абыходзіцца без майго ўдзелу. Я магу быць рэжысёрам, акцёрам, мастаком, дызайнерам, складальнікам. Я магу навучыць дзяцей таму, што нават сама рабіць не ўмею.
Важным этапам у маёй дзейнасці з’яўляецца работа з высокаматываванымі дзецьмі, уключэнне іх у алімпіядны рух. Бывае па-рознаму: іншы раз перамагаем, а іншы раз вучымся. Вялікую ролю ўдзяляю даследча-пошукавай дзейнасці, бо лічу цікавасць да прадмета ў дзіцяці будзе тады, калі даваць яму магчымасць адчуваць сябе ў ролі даследчыка, першаадкрывальніка, вучонага. Мае вучні штогод атрымоўваюць дыпломы на алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях.
Усяго некалькі гадоў я з’яўляюся кіраўніком школьнага музея. Але колькі зроблена за гэты час, колькі сабрана экспанатаў. Зразумела, што гэта не толькі мая заслуга. У мяне шмат аднадумцаў сярод настаўнікаў і вучняў. А вынік – 1 месца ў раённым конкурсе- аглядзе школьных музеяў штогод.
А яшчэ я з’яўляюся настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Я не толькі натхняю вучняў на напісанне вершаў, але калі да мяне прыходзіць натхненне, я сама спрабую іх пісаць. Я ніколі нікому іх не чытаю, па той прычыне, што я не лічу сябе паэтам. Аднак увесь час задавала сабе адно і тое ж пытанне:што такое натхненне? І я знайшла на яго адказ, менавіта зараз, у час падрыхтоўкі да конкурсу.
Колькі працую ў школе, столькі з’яўляюся кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Народныя рамёствы”. На занятках вялікую ўвагу надзяляю вывучэнню духоўнай спадчыны беларускага народа, бо лічу, што маладым вельмі важна ведаць свае карані, сваю культуру. Толькі ў такім выпадку можна быць сапраўдным нашчадкам і прадаўжальнікам традыцый свайго народа. У 2009 годзе нашы работы былі прадстаўлены на рэспубліканскую выставу “Саматканы цуд” і былі адзначаны дыпломам.
Маё педагагічнае крэда: “Не абмяжоўвай сябе. Ты можаш дасягнуць усяго, у што верыш”. А я веру ў сваіх вучняў, у іх будучыя дасягненні, а таксама ў тое, што ў мяне хопіць жыццёвага запалу, сіл і энергіі для далейшай плённай работы са школьнікамі.
Менавіта гэта ўпэўненасць і дапамагла мне атрымаць перамогу ў абласным этапе конкурсу “Лепшы ўрок працоўнага навучання”.
Я іду па жыццёвай сцяжынцы смела,
Я не бачу ні ў чым перашкод.
Хочаш прама, направа, налева,
У маім лёсе нямала дарог.
А бліжэй мне да сэрца тая,
Дзе прытулак знайшла здаўна.
Я - настаўнік! Я цвёрда знаю,
Што шукала, тое знайшла.
Свет дзіцячых вачэй, іх усмешкі
Вабяць сэрца і побач жывуць.
З імі лёгка так крочыць уперад,
Яны ўдалеч з сабою завуць.
Я сёння магу ўпэўнена сказаць: Я выбрала найлепшую ў свеце прафесію – запальваць лампаду ісціны, дапамагаць дзецям знаходзіць свой шлях у жыцці.
Я – настаўнік, і гэта годна, бо сваім словам, сваім прыкладам я выкладаю найцяжэйшую ў свеце навуку – быць людзьмі.
Я – настаўнік - ,і гэта адказна: лёс чалавека ў значнай ступені залежыць ад маіх ведаў, педагагічнага таленту, чалавечых якасцей.
Я – настаўнік -,і гэта цудоўна: маладосць ніколі не пакіне мяне, таму што ўвесь час я працую з маладымі. І справа не ў гадах, а ў празе жыцця, у жаданні мяняцца і станавіцца максімальна сучасным.
Комментариев нет:
Отправить комментарий